Гісторыя дзіцячага духавога аркестра “Ліра” налічвае больш за дзесяць гадоў. На працягу многіх гадоў гэта быў навучальны гурток, у якім навучэнцы духавога аддзялення асвойвалі навыкі калектыўнага музіцыравання.
Аб канцэртнай дзейнасці аркестра да 90-х гадоў мінулага стагоддзя інфармацыі практычна няма. Вядома, што рэгулярнае канцэртнае жыццё калектыву пачынаецца з 1990 года з прыходам на педагагічную працу ў школу выдатнага музыканта і паспяховага арганізатара, настаўніка па класе трубы Ляшчынскага Анатоля Данілавіча, які шмат гадоў кіраваў адным з лепшых духавых аркестраў Беларускай ваеннай акругі. З 1991 года актыўную дапамогу яму пачаў аказваць настаўнік школы па класе медных інструментаў Музюкін Уладзіслаў Васільевіч.
У гэты перыяд фарміруецца канцэртны рэпертуар аркестра, павялічваецца склад яго гуртоў. Тры гады захопленай працы – і ў 1993 годзе аркестру “Ліра” Пастановай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прысвоена званне “Узорны калектыў мастацкай самадзейнасці”.
У 1995 годзе духавы аркестр прадстаўляе школу на VI Міжнародным конкурсе дзіцячых маладзёжных аркестраў (Ястшэмбе-Здруй, Польшча) і становіцца дыпламантам, затым двойчы на Міжнародным фестывалі духавых аркестраў у Федэратыўнай Рэспубліцы Германіі, дзе калектыў удастоены званняў дыпламанта і лаўрэата.
Новы перыяд існавання калектыва звязаны са зменай дырыжораў. З 2000 па 2005 год аркестрам кіраваў настаўнік па класе трамбона Руткевіч Сяргей Анатольевіч, з 2005 па 2007 гады – настаўнік па класе флейты Каліноўскі Эрнэст Ларыяновіч. Працяглы час з 2007 па 2022 гады на чале калектыва – выдатны музыка, настаўнік па класе габоя Каліноўскі Ларыян Ларыяновіч.
Працягваючы слаўныя традыцыі аркестравага выканальніцтва, закладзеныя выдатнымі папярэднікамі, духавы аркестр “Ліра” працягвае развівацца. Калектыў у аснове сваёй навучальны ўключаў навучэнцаў усяго аддзялення, а таксама выпускнікоў школы. Разам з тым, склад аркестра пастаянна мяняўся, таму юным музыкам на канцэртах дапамагалі іх настаўнікі: Каліноўскі Эрнэст Ларыянавіч, Жыдаловіч Анасатасія Сяргееўна (флейта), Ільюшчанкава Ніна Аляксееўна, Дзмітрусік Аляксандр Сцяпанавіч, Зараўнядны Антон Аляксандравіч (кларнет), Карканіца Уладзімір Рыгоравіч (фагот), Будзькова Наталля Аляксандраўна, Андрэеў Руслан Юр’евіч, Несцяровіч Віталій Пятровіч (саксафон), Пекун Дзмітрый Сцяпанавіч, Місевіч Яўген Аляксандравіч, Ніканор Алег Аляксандравіч, Бянько Дзмітрый Аляксандравіч, Ахрэмка Аляксандр Уладзіміравіч, Чыстоў Дзмітрый Валер’евіч (труба), Садоўскі Альбін Казіміравіч (трамбон), Турко Глеб Юр’евіч (туба), Каліноўскі Пётр Пятровіч (бас-гітара), Ганькова Алксандра Сяргееўна і Бегеза Аляксей Леанідавіч (ударныя інструменты).
Духавы аркестр працягваў прымаць удзел у шматлікіх мерапрыемствах: урачыстых канцэртах, прысвечаных памятным датам Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Л.П.Аляксандроўскай з дня заснавання на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Звесткі захаваліся ў праграмах канцэртаў, прысвечаных 75-годдзю, 90-годдзю, 95-годдзю школы і відэаматэрыялах.
У 2021 годзе аркестр у рамках музычна-турыстычнага сезона выступіў у праекце “Усім, усім, добры дзень” на адкрытай пляцоўцы канцэртнай залы “Верхні горад”. У 2022 годзе на I Мінскім гарадскім адкрытым конкурсе дзіцячых аркестраў “Аркестрына” ўзорны духавы аркестр “Ліра” быў удастоены звання лаўрэата II ступені.
Новы імпульс калектыў атрымаў з прыходам у 2022 годзе дырыжора, настаўніка па класе саксафона Паўла Іванавіча Казака. Значна абнавіўся і пашырыўся склад удзельнікаў, на змену выпускнікам і ілюстратарам прыйшлі зусім юныя выканаўцы. Пад кіраўніцтвам яркага канцэртнага выканаўцы, умелага арганізатара юныя музыканты актыўна ўключыліся ў працу.
У канцэртным складзе аркестра больш за 40 навучэнцаў ва ўзросце ад 10 да 15 гадоў. Вялікую ўвагу і педагагічную падтрымку аказваюць аркестру настаўніка аддзялення духавых і ўдарных інструментаў, неацэнная дапамога ў рабоце з аркестравымі групамі настаўніка па класе медных інструментаў Краўчука Генадзя Фёдаравіча. У калектыве вядзецца музычная тэарэтычная і практычная падрыхтоўка, асвойваецца тэхніка гульні з ліста, выкарыстоўваюцца новыя падыходы да інтэрпрэтацыі выкананых твораў. Рэпертуар аркестра ўключае класічную, папулярную, джазавую музыку, творы беларускіх і сучасных замежных кампазітараў. Гэта заўсёды яскравыя, цікавыя творы, арыентаваныя на магчымасці юных музыкаў.
Аднавілася шырокая канцэртная і конкурсная дзейнасць калектыва.
У 2023 і 2024 годзе аркестр прыняў удзел у творчым праекце школы “Для дзяцей і ўсёй сям’і”, які традыцыйна праводзіцца ў канцэртнай зале “Верхні горад”, стаў лаўрэатам I ступені Адкрытага фестывалю-конкурсу “Златагорская вясёлка-2024”, лаўрэатам II ступені гарадскога фестывалю “Парад аркестраў”, пацвердзіў званне «Ўзорны».
У цяперашні час за дырыжорскім пультам – настаўнік па класе кларнета Пашкевіч Уладзімір Юр’евіч. Дзіцячы ўзорны духавы аркестр “Ліра” рыхтуе новую канцэртную праграму і заўсёды з нецярпеннем чакае сустрэч са сваім гледачом! Бо духавая музыка – гэта заўсёды свята!