Дзіцячы сімфанічны аркестр – унікальная з’ява для беларускага музычнага мастацтва. І ў тым, што ён існуе вялікая заслуга настаўнікаў струннага смычковага аддзялення і аддзялення духавых і ўдарных інструментаў.
Сімфанічны аркестр Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Л.П.Аляксандраўскай як пастаянна дзейны творчы калектыў створаны ў 2004 годзе на базе дзіцячага ансамбля скрыпачоў і віяланчэлістаў. Яго кіраўніком стала настаўнік па класе скрыпкі Вікторыя Тарасаўна Карпава – таленавіты музыкант і энтузіяст сваёй справы, яна ўнесла неацэнны ўклад у фарміраванне аркестра. Трэба адзначыць, што ў гісторыі школы было некалькі перыядаў існавання сімфанічнага аркестра.
Так, захавалася інфармацыя, што ў 1940 годзе сімфанічны аркестр сумесна з хорам школы выступіў у праграме Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве, з 1979 па 1981 гады спробу адрадзіць калектыў распачаў дырыжор Эдуард Міхайлавіч Фарбер.
Выконваючы важныя адукацыйныя і выхаваўчыя функцыі, з 2004 года аркестр пад кіраўніцтвам Вікторыі Тарасаўны Карпавай рэгулярна ўдзельнічаў у канцэртнай дзейнасці школы.
Першыя выступленні паказалі вялікую цікавасць публікі і вялікі патэнцыял калектыву. У 2006 годзе аркестр з поспехам выступіў у святочным канцэрце, прысвечаным 80-годдзю Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Л.П.Аляксандраўскай на сцэне Вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у 2005 годзе – стаў лаўрэатам I ступені на гарадскім конкурсе выканаўцаў на смычковых інструментах у адпаведнай намінацыі.
З 2007 па 2022 гады дырыжорам аркестра і яго кіраўніком з’яўляўся загадчык аддзялення духавых і ўдарных інструментаў, настаўнік па класе флейты Эрнэст Ларыяновіч Каліноўскі, які працягнуў традыцыі аркестравага выканальніцтва. Рэпертуар аркестра ў гэты перыяд разнастайны: класічная і папулярная музыка, творы беларускіх і замежных кампазітараў. Калектыў шмат выступае, прымае ўдзел у буйных канцэртах і нават конкурсах.
У 2010 годзе сімфанічны аркестр выканаў сольную праграму ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у тым жа годзе стаў лаўрэатам І ступені II Міжнароднага фестывалю аркестраў «Музыка без межаў» (Мінск, Беларусь), у 2011 годзе – дыпламантам III ступені на V Мінскім гарадскім конкурсе маладых выканаўцаў на струнных інструментах “Вясновыя струны” імя Г.Б.Мысліўчыка (Мінск, Беларусь), у 2013 годзе – лаўрэатам I ступені на Міжнародным фестывалі аркестраў “Акно на Усход” (Хелмна, Польшча). Асаблівае месца ў жыцці калектыву звязана з выступленнямі ў канцэртах, прысвечаных 70-годдзю вызвалення Беларусі ў 2014 годзе, 70-годдзю Перамогі – у 2015 годзе, 90-годдзю заснавання Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Л.П.Аляксандраўскай – у 2016 годзе.
Сучасны перыяд творчай дзейнасці дзіцячага сімфанічнага аркестра звязаны з прыходам новага кіраўніка і дырыжора Надзеі Пятроўны Цехановіч, загадчыка аддзялення струнных смычковых інструментаў, настаўніка па класе віяланчэлі.
Пад яе кіраўніцтвам аркестр стаў той воссю, вакол якой круціцца музычнае жыццё школы. Поўнасцю абнавіўся рэпертуар аркестра з улікам выканальніцкіх і адукацыйных задач, прызначаных для выканання дзіцячым калектывам. У ім прадстаўлены як аркестравыя інструментальныя творы, так і творы для салістаў з аркестрам, зводных хароў з аркестрам. Цяпер у калектыве займаюцца 50 юных музыкантаў, якія складаюць усе традыцыйныя гурты аркестравых інструментаў.
Кожная сустрэча слухачоў і юных артыстаў становіцца сапраўдным святам! Штогадовыя канцэртныя сезоны аркестра паспяхова праходзяць у Вялікай канцэртнай зале школы, у канцэртнай зале “Верхні горад” (Дзіцячая філармонія). Невыпадкова ў 2024 годзе гонар прадстаўляць школу на сцэне Вялікай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў справаздачным канцэрце дзіцячых школ мастацтваў г. Мінска “Мы – дзеці сталіцы” быў прадстаўлены менавіта гэтаму калектыву.
За час усяго існавання дзіцячага сімфанічнага аркестра кожны яго кіраўнік вызначаў індывідуальны шлях творчага развіцця, юныя артысты вучыліся іграць і шукалі свайго слухача. Педагагічны талент і любоў да сваёй справы дазволілі аркестру заняць дастойнае месца ў дружнай сям’і творчых калектываў школы.