23 снежня, пад заслону адыходзячага 2019 года, у ДМШМ № 1 адбыўся канцэрт «Калядная казка». Атмасфера свята і ўзнёслы настрой панавалі ў вялікай зале школы. Свае музычныя віншаванні падрыхтавалі і выйгрышна паднеслі публіцы ўсе выступоўцы, за што іх шчодра аддзячылі апладысментамі.
У праграме канцэрта чаргаваліся сольныя выступы з ансамблевымі і аркестравымі нумарамі, інструментальная музыка з вакальнай.
Адкрыў святочны вечар ансамбль струнна-смычковых інструментаў 1-га класа (кіраўнік В. Крукоўская, канцэртмайстар П. Цярнова) ўлагоджанай мелодыяй «Ціхай ночы» Ф. Грубера.
Працягнуў калядную тэму хор малодшых класаў (кіраўнік К. Бакун, канцэртмайстар Э. Шырынаў, сола флейты А. Данілава).
Узорны ансамбль балалаек «Залатая горка» (кіраўнік М. Тушынскі, канцэртмайстар Г. Лузанава) выканаў апрацоўкі двух рускіх народных песень.
Цікавае папуры на тэмы яўрэйскіх песень прагучала ў выкананні ансамбля віяланчэлістаў (кіраўнік В. Гарбацікава, канцэртмайстар В. Пермякова).
Разнажанравыя п’есы, такія як Танга А. П’яцолы (дуэт «Акцэнт» у складзе В. Калядкі, А. Кузняцовай, канцэртмайстра Т. Камай) і І. Альбеніса (У. Ігумнава (настаўнік В. Крукоўская, канцэртмайстар П. Цярнова)), Накцюрн А. Атрашкевіч (Г. Пілінога (настаўнік В. Аўчыннікава)), Эцюд Ф. Шапэна (Н. Шымчак (настаўнік А. Логінава)), а таксама песня «Сумнае мора» (С. Уцюпіна (настаўнік І. Мышкоўская)) перамяжоўвалі выступы ансамбляў.
Сапраўднымі хітамі беларускага балета і французскай оперы парадаваў слухачоў ўзорны ансамбль ударных інструментаў «Рым-шот» (кіраўнік А. Ганькова, канцэртмайстар Э. Шырынаў).
Арыгінальная не толькі па назве, але і па музыцы, інструментальным складзе і сцэнічнаму ўвасабленню п’еса «Старажытны замак караля Радзівіла» В. Лыскаўца для ансамбля «Gloria» і чытальніка (кіраўнік В. Лыскавец, аўтар вершаў і чытальнік В. Шпакевіч) звярнула на сябе ўвагу ўсіх прысутных.
Завяршылі канцэртную праграму два бліскучых аркестравых калектыва: узорны духавы аркестр «Ліра» (кіраўнік Л. Каліноўскі) і сімфанічны аркестр (кіраўнік Э. Каліноўскі). Вядучая канцэрту Таццяна Афоніна дапамагала гледачам адчуць тое самае чараўніцтва каляднай казкі, якую стваралі нашы выканаўцы ў гэты выдатны вечар.