
Грышкоўскі Ц.І., Арцімовіч В.У., Шах Н.В., Сямёнава Л.К., Шымчак В.К.
Народнае аддзяленне (баян, акардэон) вядзе сваю дзейнасць шмат дзесяцігоддзяў. ДМШ №1 доўгі час была адзінай навучальнай установай, у якой мелася магчымасць атрымаць музычную адукацыю па класе баяна. Нягледзячы на цяжкасці пасляваенных гадоў, на аддзяленні натхнённа працавалі педагогі А.Болатаў, В.Дзерых, І.Гарэлік, А.Азарэвіч, а ў далейшым С.А.Бурш, С.Ф.Цуканаў, У.Ю.Ягудзін, Ю.С.Растаргуеў, В.Г.Шчэрба, С.Д.Бароўскі, А.В.Скіга, А.М.Яроцкі, В.М.Цярэнц’еў, М.Р.Солапаў, Г.У.Несялоўскі, Г.С.Дарохіна, В.П.Шубін і іншыя. Яны выгадавалі годную змену настаўнікаў і выканаўцаў. Выпускнікі аддзялення працуюць сёння як артыстамі, гэтак і выкладчыкамі ў музычных навучальных установах па ўсёй рэспубліцы.
Сярод настаўнікаў аддзялення заўсёды працавалі і працуюць былыя выпускнікі школы: Я.М.Аляксееў, Т.А.Паляшчук, С.В.Перапеча, А.А.Дзеравяга, К.У.Дварэцкая і В.У.Іванюк.
З 2019 года народнае аддзяленне ўзначальвае Наталля Уладзіміраўна Шах. У розныя гады загадчыкамі аддзялення былі У.Ю.Ягудзін, Я.М.Аляксееў, Т.А.Паляшчук, А.М.Яроцкі, С.В.Перапеча, Г.С.Дарохіна, В.У.Іванюк, якія зрабілі значны ўнёсак у станаўленне аддзела.
У перыяд з 1994 па 2002 год на народным аддзяленні існаваў канцэртны ансамбль баянаў-акардэонаў “Менестрэлі” пад кіраўніцтвам Г.С.Дарохінай, які за актыўную канцэртную дзейнасць атрымаў званне “Узорны”. У кастрычніку 1996 года гэты ансамбль быў уганараваны званнем Лаўрэата III прэміі на Міжнародным конкурсе ў г. Кастэльфідарда (Італія). За гады свайго творчага жыцця ансамбль актыўна гастраляваў, удзельнічаў у разнастайных конкурсах, фестывалях і канцэртах. Усе ўдзельнікі ансамблю прысвяцілі сваё жыццё музыцы і сталі прафесійнымі музыкантамі.
Аддзяленне рэгулярна папаўняецца маладымі кадрамі – студэнтамі і выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Сярод іх лаўрэаты міжнародных конкурсаў Людміла Сямёнава і Наталля Шах.
Юныя баяністы і акардэаністы актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах і канцэртах як у Беларусі, так і за яе межамі. Спіс лаўрэатаў гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў штогод папаўняецца новымі імёнамі. Так у 2003 годзе стыпендыяты Спецыяльнага фонда Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі Любоў Будкевіч і Надзея Байда былі запрошаныя на фестываль лаўрэатаў у Вільню, дзе бліскуча выканалі канцэртную праграму.
У розныя гады ў школе вучыліся такія лаўрэаты як Настасся Шкіндзерава, Андрэй Шумак, Вольга Іванюк, Вольга Немцава, Таццяна Гацман, Любоў Будкевіч, Надзея Байда, Ганна Ільюшчыц і мноства іншых.
Вучні аддзялення паспяхова паступаюць у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Многія выпускнікі працягваюць сваю адукацыю за мяжой. Напрыклад, Настасся Шкіндзерава вучылася ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце музыкі імя А.Шнітке, потым у Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, а ў дадзены момант заканчвае сваё навучанне ў Гановеры (Германія). А Надзея Байда зараз атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Варшаве (Польшча).
Педагагічны калектыў народнага аддзялення пастаянна займаецца ўдасканаленнем вучэбна-выхаваўчай і метадычнай практыкі, пошукам новых эфектыўных, цікавых формаў і шляхоў навучання. Усё гэта сведчыць аб тым, што на аддзяленні працуюць творчыя людзі і традыцыі аддзялення маюць належны працяг.