18 снежня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбылася знамянальная для Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 імя Л.П. Александроўскай падзея – святочны канцэрт у гонар 95-гадовага юбілею школы!
Вялікая канцэртная зала расчыніла свае дзверы перад гасцямі – вучнямі і іх бацькамі, выпускнікамі і выкладчыкамі, паважанымі спецыялістамі ў музычна-творчым асяроддзі, кіраўнікамі музычных навучальных устаноў. У гэты святочны вечар калектыў ушанавалі сваёй прысутнасцю ганаровыя госці з Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, выканаўчага камітэта СНД, Упраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, адміністрацыі Савецкага раёна горада Мінска.
Асаблівая, урачыстая атмасфера адчувалася на працягу ўсяго вечара. Радасць сустрэч, фота на памяць, цёплыя словы, іскрыстыя погляды, усмешкі на тварах і эмацыйны ўздым панавалі паўсюль. У фае на тэлеэкране госці маглі паглядзець дакументальны фільм пра школу.
Падчас канцэрта гледачы апладысментамі сустракалі кожную фразу вядучых – актрысы Марыны Грыцук і вучня ДМШМ №1 Акіма Тышко, якія прадставілі гасцям 95-гадовую гісторыю навучальнай установы, яе аддзяленняў і творчых калектываў.

Адкрыў юбілейную канцэртную праграму узорны аркестр народных інструментаў (кіраўнік Валерый Шымчак).

З непадробнай цікавасцю сустракалі слухачы выступленні ўсіх узорных калектываў школы – ансамбля ўдарных інструментаў «Рымшот» (кіраўнік Аляксандра Ганькова), ансамбля балалаек «Залатая горка» (кіраўнік Юрый Жайловіч), дзіцячага хору «Тоніка» (кіраўнік Святлана Белая), духавога аркестра «Ліра» (кіраўнік Ларыян Каліноўскі).
Яркія і эмацыйна захапляльныя нумары падарылі зале струнна-смычковы ансамбль (кіраўнік Надзея Цэхановіч), салісты – Міхаіл Шарай (настаўнік Ірына Мухамедзьярава), Кацярына Карніевіч (настаўнік Вольга Крукоўская), мандалінна-гітарны ансамбль «Акцэнт» (кіраўнік Вольга Калядка), ансамбль цымбалістаў (кіраўнік Віктар Лыскавец), ансамбль саксафаністаў (кіраўнік Павел Казак).
Шквал авацый выклікалі сольныя выступленні стыпендыятаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі – Анастасіі Шымчак (настаўнік Алена Логінава) і Яраслава Макарыча (былога выпускніка, а цяпер – настаўніка ДМШМ №1).
Цікавымі і натхняльнымі былі выступы фартэпіяннага дуэта ў складзе Хуайлэ Чэнь (настаўнік Ірына Бяганская) і Стэфаніі Шаўлікавай (настаўнік Таццяна Мікуліч), дуэта цымбалістаў у складзе Віктара Лыскаўца і Анатоля Лыскаўца (канцэртмайстар Яўген Гальцоў), а таксама зводны калектыў, які аб’яднаў у сабе вакальна-харавое і струнна-народнае аддзялення школы, – Узорны хор «Тоніка» (кіраўнік Святлана Белая) і ансамбль цымбалістаў «Медуніца» (кіраўнік Вольга Скобеюс).
Выступленні навучэнцаў эстраднага аддзялення Лізаветы Бяганскай і Елісея Касіча (настаўнік Ірына Мышкоўская, канцэртмайстар Эльдар Шырынаў) уразілі слухачоў шырынёй і разнапланавасцю вакальнай тэхнікі і незабыўнымі тэмбрамі галасоў.
Напрыканцы святочнага канцэрта прагучала песня «Дзяцінства» (музыка Ю. Чычкова, словы М. Пляцкоўскага) у выкананні зводнага хору школы (дырыжор – Святлана Белая).

Віншаванні школе з 95-гадовай гадавінай прагучалі са сцэны ад начальніка Ўпраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Віталя Брэля. За шматгадовую культурна-асветніцкую дзейнасць і значны ўклад у эстэтычнае і духоўнае выхаванне падрастаючага пакалення калектыў школы быў адзначаны Падзякай старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.
Дырэктар ДМШМ №1 Ала Іосіфаўна Майсцер падкрэсліла унікальнасць калектыву школы і тую творчую атмасферу, якая пануе ў ёй: «Я ўдзячная кожнаму настаўніку, кожнаму супрацоўніку, нашым навучэнцам і бацькам за Ваш асабісты ўклад у развіццё школы, за годнае прадстаўленне школы ў яе 95-годдзе, за традыцыі і дасягненні, за магутны патэнцыял і новыя магчымасці».