У красавіку 2021 года ў Мінску, у Вялікай студыі Дома радыё, праходзіў радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі».
Арганізатар радыёконкурсу – Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. Праект «Маладыя таленты Беларусі» праводзіцца Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё з 2009 года, і за ўвесь час у ім узялі ўдзел больш за 2000 маладых музыкаў. З 2013 года прызёры конкурсу рэгулярна становяцца стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, а па выніках леташняга конкурсу ганаровых стыпендый і прэмій удастоіліся 43 салісты і калектывы.
Больш за 630 заявак на ўдзел ад юных музыкантаў з розных куткоў краіны паступіла на радыёконкурс «Маладыя таленты Беларусі» ў 2021 годзе. Радыёконкурс праводзіўся ў 3 туры па дзевяці намінацыях:
▪ «Эстрадны вакал. Саліст»;
▪ «Эстрадны вакал. Ансамбль»;
▪ «Інструментальная музыка. Саліст»;
▪ «Інструментальная музыка. Ансамбль»;
▪ «Спадчына. Саліст»;
▪ «Спадчына. Ансамбль»;
▪ «Акадэмічны вакал. Саліст»;
▪ «Інструментальная музыка. Аркестр»;
▪ «Харавая творчасць».
Два туры творчага спаборніцтва прайшлі ў красавіку ў дыстанцыйным фармаце, а апошні тыдзень месяца падчас фінальнага трэцяга тура падарыла арганізатарам і Калегіі журы дзясяткі гадзін жывога выканання ўдзельнікамі-салістамі вакальных і інструментальных твораў у студыі Дома радыё. У калектыўных харавых, аркестравых і ансамблевых намінацыях фінальны тур прайшоў анлайн.
Склад журы:
Леанід Захлеўны – старшыня журы-народны артыст Беларусі;
Алена Атрашкевіч – старшыня Беларускага саюза кампазітараў;
Ірына Дарафеева – заслужаная артыстка Беларусі;
Вераніка Сахарава – дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі;
Святлана Сітнікава – дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі;
Аляксандр Сасноўскі – галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі;
Валерый Шмат – мастацкі кіраўнік арт-групы «Беларусы»;
Анастасія Масквіна – народная артыстка Беларусі;
Ніна Ламановіч – народная артыстка Беларусі.
У намінацыі «Харавая творчасць» (10 – 16 гадоў) Узорны дзіцячы хор «Тоніка» стаў Лаўрэатам II ступені. Кіраўнік хору – Аляксей Іванавіч Снітко. Канцэртмайстар – Паліна Яўгенаўна Цярнова.
У намінацыі «Інструментальная музыка. Сола. Фартэпіяна» Аляксей Яршоў, навучэнец 4 класа фартэпіяннага аддзялення стаў Дыпламантам. Настаўнік Святлана Аляксандраўна Разько.
Цырымонія ўзнагароджання і ўшанавання ўладальнікаў Гран-пры, лаўрэатаў і дыпламантаў радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі» адбылася 6 мая ў Вялікай студыі Дома радыё.