Канцэрт заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» «МАГІЯ ДЖАЗА».

28 красавіка 2021 года ў вялікай зале ДМШМ № 1 імя Л.П. Александроўскай адбылася музычная падзея, па маштабе і насычанасці параўнальная, мабыць, з гала-канцэртам выканальніцкага конкурсу. Такія вечары праходзяць нячаста. І нам, слухачам, пашчасціла быць сведкам гэтага музычнага свята, пражыць яго разам з артыстамі.

У гасцях у нашай школы быў джаз-бэнд заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў, народнага артыста РБ, прафесара Міхаіла Фінберга. Ён прадставіў канцэртную праграму пад назвай «Магія джаза». Сярод салістаў – лепшыя выканаўцы аркестра, заслужаныя артысты РБ Сяргей Анцішын (гітара), Павел Бяляўскі (саксафон барытон), Вадзім Чайкоў (ударныя), Уладзімір Ксёнц (саксафон альт, саксафон сапрана). Вядучая канцэрта – заслужаная артыстка РБ Наталля Тамела – з лёгкасцю пераключалася і ў іншае амплуа – выступала як салістка-вакалістка. Цікавай манерай выканання вылучаліся і іншыя вакалісты – Ягор Шаранкоў, Яўген Цымбаліст, Алеся Дзяржавец. А дапамагаў ім бэк-вакал-квартэт.

Праграма канцэрту была вельмі цікавай, яркай і разнастайнай. У асноўным гэта джазавая музыка розных кірункаў і адценняў. З аўтараў – кампазітары розных краін, класічныя джазмэны, зоркі эстраднага рок-н-ролу, аранжыроўшчыкі, легендарны ансамбль «Beatles» (Гордан Гудвін, Куінсі Джонс, Сэмі Несціка, Давід Валінскі, Джордж Гершвін, Поль Анка, Джон Ленан, Пол Макартні, Дон Менца і інш.)

Зала ДМШМ № 1, мабыць, упершыню сустракала калектыў такога маштабу і ўзроўню. І трэба сказаць, што справілася і з колькасцю тых гледачоў, што прыйшлі на канцэрт, і адказала усім тэхнічным і акустычным патрабаванням. Музыка ў стылі джаз заўсёды прыцягвае вялікую аўдыторыю, а ў выкананні заслужанага калектыву – і пагатоў. Вось і на гэты раз зала была адкрытая для рознай публікі: атрымаць асалоду ад джазавай музыкі прыйшлі не толькі вучні і іх бацькі, але таксама і проста аматары джазавага мастацтва, навучэнцы і настаўнікі іншых навучальных устаноў. Бліскучая, натхняльная, святочная атмасфера панавала на канцэрце, і прынёс яе ў нашы сцены гэты па-сапраўднаму брэндавы калектыў, за што яму вялікі дзякуй!