Канцэрт «Майскі вальс»

11 мая 2022 года ў Малой зале імя Р. Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся святочны канцэрт ДМШМ № 1 імя Л.П. Александроўскай «Майскі вальс».

Гледачоў прывітала дырэктар А.І. Майстар. Яна падзякавала бацькам за ўдзел у творчым жыцці школы, а таксама прадставіла ганаровых гасцей – дырэктараў школы ў розныя дзесяцігоддзі У.П. Гуртатоўскага і С.В. Перапечу.

Канцэрт адкрыла выступленне хору малодшых класаў (кіраўнік М. Данчак), які паднёс слухачам музычны падарунак – прэм’еру аўтарскай песні «Музычная школа» (муз. М. Данчак, сл. Б. Дубровіна).

У праграме прагучалі кампазіцыі для фартэпіяна, гітары, акардэона, флейты, песні ў выкананні навучэнцаў эстраднага аддзялення. Гледачам былі прадстаўлены як сольныя, так і ансамблевыя нумары ў выкананні лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў, а таксама выступленні калектываў – ансамбля скрыпачоў малодшых класаў (кіраўнік І. Мухамядзьярава, канцэртмайстар М. Яковіна), хор 2-3 класаў (кіраўнік К. Бакун, канцэртмайстар Д. Новікава), камерны аркестр (кіраўнік Н. Цэхановіч), ансамбля «Акцэнт» (кіраўнік В. Калядка), узорнага ансамбля ўдарных інструментаў «Рым-шот» (кіраўнік А. Ганькова, канцэртмайстар Э. Шырынаў), ансамбля цымбалістаў «Златагорская вясёлка» (кіраўнік В. Лыскавец, канцэртмайстар Э. Шырынаў).

А завяршыўся канцэрт на прыўзнятай і аптымістычнай ноце выступленнем навучальнага хору (кіраўнікі К. Баршчова, М. Паўловіч, канцэртмайстар П. Цярнова).

Вядучая канцэрта Марыя Яковіна адзначыла, што назва канцэрта «Майскі вальс» выбрана не выпадкова, бо май – гэта прыгажосць, святло, цяпло і музыка, якая нараджаецца ў сценах школы, незабыўныя моманты творчасці, успаміны пра якія мы беражліва захоўваем усё сваё жыццё.