Канцэрт фартэпіяннай музыкі «Музычнае падарожжа»

10 сакавіка 2022 года у Малой зале імя Р. Шырмы Беларускай Дзяржаўнай філармоніі адбыўся канцэрт фартэпіяннай музыкі «Музычнае падарожжа» у межах праекту «Музыка беларускіх кампазітараў пакаленню XXI стагоддзя» (аўтар праекту – Аляксей Снітко). Арганізатарамі выступілі выкладчыкі фартэпіяннага аддзялення ДМШМ № 1 імя Л.П. Александроўскай пад кіраўніцтвам загадчыцы аддзяленнем Ірыны Бяганскай.

У канцэрце прынялі ўзел навучэнцы Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі, а таксама вучні і выкладчыкі фартэпіяннага і эстраднага аддзяленняў ДМШМ № 1. Слухачам былі прадстаўлены як сольныя, так і ансамблевыя формы музыцыравання (дуэты, трыо).

Канцэртная праграма складалася з твораў беларускіх кампазітараў – Галіны Гарэлавай, Аліны Безэнсон, Алены Атрашкевіч, Дзмітрыя Лыбіна, Яўгенія Глебава. Фартэпіянная і вакальная музыка, якая гучала ў гэты вечар са сцэны, была напоўненая паэзіяй, лірыкай і духоўнасцю. Слухачы пагрузіліся ў яркі вобразны свет праграмнай музыкі, музыкі для дзяцей. Рознахарактарная фартэпіянная музыка чаргавалася з натхнёнымі вакальнымі нумарамі.

Вядучая канцэрту Ірына Дэйкала інфармавала прысутных пра стылявыя асаблівасці музыкі беларускіх кампазітараў, дэманструючы пры гэтым выдатнае валоданне беларускай мовай.

На заканчэнні канцэрта старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч ад імя ўсіх беларускіх кампазітараў выказала словы ўдзячнасці за высокую якасць выканання твораў беларускіх аўтараў і надзею на далейшыя сумесныя праекты з ДМШМ № 1 і МДМК: «У гэтых выкананнях была не толькі музыкальнасць – у іх было разуменне музыкі. Але самае галоўнае – мы бачылі, з якім задавальненнем гэта музыка выконваецца. Хіба не гэта мара Беларускага саюза кампазітараў, каб беларуская музыка гучала на такім высокім якасным узроўні і каб яна сапраўды прыносіла радасць і задавальненне? Вы натхняеце нас, каб мы пісалі і тварылі надалей!»