Рэспубліканская акцыя «Харавое веча»

18 верасня 2021 г. ў Палацы Рэспублікі адбылася Рэспубліканская акцыя «Харавое веча». З прывітальным словам да прысутных звярнуўся міністр культуры Анатоль Маркевіч і настаяцель Усіхсвяцкага храма, протаіерэй Фёдар Поўны. Сваё вакальнае майстэрства паказалі ў канцэрце больш за 70 творчых калектываў, аматарскіх і прафесійных. Акцыя аб’яднала 2000 удзельнікаў з усіх куткоў Беларусі. Яны выканалі творы як беларускіх кампазітараў (Уладзіміра Алоўнікава, Ігара Лучанка, Юрыя Семянякі, Алены Атрашкевіч, Ларысы Сімаковіч), так і расійскіх і еўрапейскіх (Джуліа Качыні, Сяргея Танеева, Дзмітрыя Бартнянскага, Радзівона Шчадрына, Георгія Свірыдава, Яўгена Крылатава, Уладзіміра Шаінскага, Аляксандры Пахмутавай). На свяце гучала і аркестравая музыка ў выкананні 3-х філарманічных калектываў, у тым ліку Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, які акампанаваў ўдзельнікам акцыі.

У канцэрце прыняў удзел узорны хор «Тоніка» (мастацкі кіраўнік – Святлана Аляксандраўна Белая) і вучань 6 класа эстраднага аддзела ДМШМ № 1 імя Л.П. Александроўскай Елісей Касіч. Узорны дзіцячы хор «Тоніка» быў удастоены Дыплома Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта за ўклад у развіццё харавога мастацтва Беларусі.