13 мая 2021 года ў актавай зале бібліятэкі імя А.С. Пушкіна горада Мінска адбылася канцэртная праграма, арганізаваная творчым літаратурна-музычным аб’яднаннем «Рэзананс» імя В.В. Болгава. На канцэрт былі запрошаны ветэраны ВАВ. У праграме прымала ўдзел пляменніца вядомага касманаўта Юрыя Гагарына, якая распавяла свае дзіцячыя ўспаміны аб касманаўце, а таксама выступілі вайскоўцы, якія прымалі ўдзел у запуску ракеты з Юрыем Гагарыным у далёкі космас.
Ушаноўваць ветэранаў і знакамітых гасцей гэтага мерапрыемства прыехалі навучэнцы-цымбалісты Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 імя Л.П. Александроўскай г. Мінска. У якасці музычнага падарунка была паказана вялікая канцэртная праграма, музыку да якой напісаў настаўнік ДМШМ №1 і кампазітар Віктар Лыскавец.
Вечар адкрыўся «Сімфоніяй кветак». Па рэжысёрскай задумцы кампазітара, гледачы маглі не толькі пачуць музыку ў выкананні дзяцей, якія адлюстроўвалі самі кветкі ў прыгожых тэатральных касцюмах, але і атрымаць асалоду ад выдатных рамантычных вершаў аб кветках паэта Таццяны Віктараўны Шчытавай. У дадатак да гэтага, на кінапраектары паказваліся слайды, якія дапамагалі стварыць асаблівы вобразны шэраг і спрыялі ўспрыманню тэматыкі музычных твораў. А музыка, у сваю чаргу, суправаджалася фанаграмамі з рознымі гукамі прыроды. Сінтэз відаў мастацтваў, музыкі і паэзіі, а таксама выкарыстанне ў праграме мультымедыя ў спалучэнні з кампутарнай музыкай вельмі спадабалася гледачам і выклікала захоплены водгук.
Другую частку праграмы склалі новыя музычныя творы кампазітара з цыклу «Няхай жыве цырк!!!». Праз гукавыя вобразы дзеці адлюстроўвалі розныя сюжэты цыркавых нумароў. Нашы цымбалісты паўсталі перад гледачамі ў якасці дрэсіроўшчыка афрыканскіх львоў, рудага блазна, штукара-чараўніка, хітрага ўдава, вясёлага пудзеля і іншых персанажаў. Увасобіць вобразы і сюжэты на сцэне дапамагалі дзецям нашы канцэртмайстры — таленавіты піяніст, лаўрэат міжнародных конкурсаў – Яўген Ігаравіч Гальцоў, а таксама Валянціна Мацвееўна Драч.
Цэнтральнай кульмінацыяй праграмы стала касмічная музычная феерыя – «Сустрэча Венеры з Сатурнам». У цёмнай зале, асветленай спецыяльным пражэктарам, ўсе гледачы апынуліся ва ўяўнай зорнай касмічнай прасторы. Наша вучаніца Ульяна Негадовіч выступіла ў ролі планеты Венеры, а канцэртмайстар Яўген Гальцоў – планеты Сатурн. З дапамогай музыкі можна было пачуць гукі і шумы касмічных метэарытаў і астэроідаў, а таксама гісторыю кахання двух планет, што выпадкова спаткаліся ў сусвеце.
Заключным акордам прагучаў запальны і віртуозны румынскі танец у выкананні Анатоля Лыскаўца. Гледачы падтрымалі выкананне гучнымі апладысментамі.
У самым канцы канцэрту да артыстаў падышлі госці – ветэраны вайны, якія перажылі блакаду. Яны вельмі цёпла адклікаліся аб канцэртнай праграме, а таксама горача дзякавалі за магчымасць пачуць новыя музычныя творы. Кампазітару і настаўніку Віктару Міхайлавічу Лыскаўцу, канцэртмайстрам Яўгену Ігаравічу Гальцову і Валянціне Мацвееўне Драч, а таксама нашым юным вучням-цымбалістам былі ўручаны памятныя сувеніры.