5 красавіка 2023 г. у Канцэртнай зале «Верхні горад» адбылося адкрыццё канцэртнага цыклу «Для дзяцей і ўсёй сям’і».
У канцэрце «Сябруюць музыка і дзеці!» прынялі ўдзел навучэнцы арганнага класа і вакальна-харавога аддзялення, якое сёлета адзначае 45-гадовы юбілей.
Адкрываў музычны вечар выпускнік нашай школы, лаўрэат міжнародных конкурсаў – Павел Прымакоў. У яго выкананні прагучалі дзве Харальныя прэлюдыі І.С. Баха. Працягнулі канцэртную праграму Ева Лемяшэўская (2 клас), Ксенія Скітава-Станкевіч (3 клас), Кацярына Янута (5 клас), а завяршыла арганнае выступленне лаўрэат міжнароднага конкурсу – Аліса Прымакова (2 клас). Юныя арганісты (клас настаўніка Святланы Аляксандраўны Разько) выканалі творы І.К.Ф. Фішэра, Д. Скарлаці, І.Л. Крэбса і Ж.М. Лемменса.
Харавыя калектывы (кіраўнікі С.А. Белая, К.С. Бакун, І.Д. Лоўчая, А.І. Беражная, М.М. Паўловіч) падрыхтавалі сапраўднае свята музыкі для слухачоў. У іх выкананні прагучалі разнастайныя сачыненні: ад класікі да ўсіх любімых дзіцячых песень. У завяршэнні канцэрта прагучала сачыненне Ю. Чычкова «Дзяцінства – гэта я і ты» ў выкананні зводнага хору школы пад кіраўніцтвам Святланы Аляксандраўны Белай.














