Віншуем Лізавету Бяганскую – Лаўрэата ХХ Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка»!

З 26 па 29 мая 2022 года ў г. Клімавічы прайшоў юбілейны XX Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка».

Творчае мерапрыемства міжнароднага ўзроўню праводзіцца штогод з 1996 года напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей і ўжо стала для яго ўдзельнікаў асаблівай пляцоўкай для творчай дружбы, якая садзейнічае наладжванню шырокіх культурных сувязей паміж краінамі і народамі, іх збліжэнню, творчаму ўзаемаўзбагачэнню.

Сёлета фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» сабраў больш за 500 удзельнікаў ад 9 да 18 гадоў з розных куткоў Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Узбекістана. А ўсяго ў творчых праграмах форуму было задзейнічана больш за тысячу дзяцей.

Канкурсанты праявілі свае таленты ў трох жанрах: «Вакальнае мастацтва», «Харэаграфічнае мастацтва», «Выяўленчае мастацтва». Іх ацэньвала аўтарытэтнае міжнароднае журы. У яго склад увайшлі вядучыя дзеячы культуры Рэспублікі Беларусь пад старшынствам Алега Елісеенкава, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, беларускага кампазітара і выканаўцы, дацэнта кафедры мастацтва эстрады ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў», уладальніка медаля Францыска Скарыны.

У праграме фестывалю – харэаграфічныя паказы, пленэр-конкурсы, інтэрактыўныя пляцоўкі, выставы-продажы майстроў, розныя майстар-класы.

Для гасцей і ўдзельнікаў фестывалю была падрыхтавана канцэртная праграма «Залатая пчолка. 20 гадоў разам».

Лізавета Бяганская, навучэнка 6 класа эстраднага аддзялення ДМШМ №1 імя Л.П. Александроўскай (настаўнік Ірына Аляксандраўна Мышкоўская), прыняла ўдзел у конкурсе і па яго выніках стала Лаўрэатам II ступені!

Віншуем Лізавету і яе настаўніка з перамогай! Зычым поспехаў і дасягнення новых творчых вяршыняў!