Аўтарскі канцэрт Віктара Лыскаўца «Чароўныя гукі цымбалаў»

27 красавіка 2022 года ў Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.І. Глінкі адбылася новая аўтарская канцэртная праграма «ЧАРОЎНЫЯ ГУКІ ЦЫМБАЛАЎ» настаўніка ДМШМ №1 Віктара Міхайлавіча Лыскаўца. У ёй прынялі ўдзел навучэнцы класа Віктара Міхайлавіча, а таксама студэнты музычнага каледжу класа Ірыны Іванаўны Кавальчук. Прагучалі аўтарскія творы, апрацоўкі народных мелодый, напісаныя ў розныя гады, а таксама творы, выкананыя ўпершыню.

На канцэрт была запрошана госць – член саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь – Таццяна Віктараўна Шчытава. У яе выкананні гледачы пачулі прыгожую паэзію, створаную спецыяльна для музычных п’ес з цыкла «Сімфонія кветак».

Адметнай рысай аўтарскіх дзіцячых п’ес Віктара Міхайлавіча з’яўляецца вобразнасць, сюжэтнасць, праграмнасць. Дзеці пераўвасабляліся з адной музычнай выявы ў іншую. Дрэсіроўшчык львоў змяняўся падступнай Архідэяй-разлучніцай. На змену Ляльцы Элізе на сцэну выходзілі Рукадзельніцы і Хлопчык-стыляга. Сярод персанажаў былі Загадкавы Месяц на касмічным небасхіле, Фокуснік-цудоўнік і многія іншыя. Апрацоўкі румынскіх, беларускіх, іспанскіх мелодый чаргаваліся з каларытнымі п’есамі, працятымі запальнымі рытмамі і тэатралізаванымі элементамі.

Канцэртмайстрамі праграмы былі лаўрэаты міжнародных конкурсаў Яўген Ігаравіч Гальцоў і Таццяна Уладзіміраўна Банцэвіч. Вядучая канцэрта – Таццяна Леанідаўна Афоніна.

Зычым нашым навучэнцам і іх настаўніку і кампазітару Віктару Міхайлавічу Лыскаўцу натхнення, новых цікавых творчых праектаў і музычных ідэй!