Творчы вечар «Бераг белых буслоў» Віктара Лыскаўца

28 лютага 2022 года ў Вялікай зале Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 імя Л.П. Аляксандраўскай адбыўся творчы вечар кампазітара, настаўніка па класе цымбал Віктара Лыскаўца. Новая аўтарская канцэртная праграма пад назвай «Бераг белых буслоў» была прадстаўлена цэлым шэрагам музычных твораў розных стыляў і жанраў – ад неабарока да рок-музыкі. На сцэне гучала вакальная і інструментальная музыка – оперныя нумары, духоўныя сачыненні для хору, эстрадныя песні, п’есы для розных інструментаў. Вечар быў адзначаны мноствам прэм’ер.

Выступленні навучэнцаў і настаўнікаў нашай школы чаргаваліся з выступленнямі запрошаных артыстаў. Сярод іх – артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Раман Лопес, саліст-вакаліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча, залаты барытон беларускай эстрады Ігар Задарожны, актрыса беларускага кіно і тэатра юнага гледача Алена Шабад, член саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь Лізавета Палеес, артыстка камернага хору «SALUTARIS» Кацярына Сергіевіч, спявачка Наталля Шмаціна, лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Ганна Патапава, Паліна Мацвеева, Марыя Каленік, Сяргей Гладкі, Ірына Мышкоўская, Валянціна Семянкова, Таццяна Галуза, Таццяна Камай, Паліна Цярнова і шмат іншых выканаўцаў.

Сярод удзельнікаў канцэрта былі і харавыя калектывы: Моладзевы хор «BREVIS» Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (мастацкі кіраўнік Анастасія Шылец), хор прыхода храма Прасвятой Багародзіцы а/г Прылукі (мастацкі кіраўнік Марыя Каленік).

Упрыгожаннем канцэрта сталі харэаграфічныя калектывы: тэатр танца «Чарлі» – ЦДАДіМ «Ветразь» (мастацкі кіраўнік Вольга Пашкоўская), ансамбль танца «Першацвет» – ДУА «СШ № 71 г. Мінска (мастацкі кіраўнік Уладзімір Курган).

Музыка Віктара Лыскаўца сёння выконваецца музыкантамі і артыстамі, як акадэмічнага, так і эстраднага накірунку і гучыць як у нашай краіне, так і за яе межамі.

Зычым Віктару Міхайлавічу далейшых поспехаў у творчасці, цікавых канцэртных праграм і новых музычных твораў!

https://disk.yandex.by/i/iPUAPT2LmjO_Yw