Канферэнцыя «Па старонках беларускай музычнай культуры»

28 студзеня 2022 года ў Малой зале ДМШМ № 1 адбыўся Фестываль творчых работ навучэнцаў «Па старонках беларускай музычнай культуры», прысвечаны 95-годдзю школы. Дадзенае мерапрыемства з’явілася працягам вучнёўскай канферэнцыі, якая прайшла ў снежні 2021 года і была таксама прымеркавана святочным падзеям.

Круг тэм, якія былі прадстаўлены слухачам, вельмі шырокі і разнастайны. Гэта і беларускі музычны фальклор, гісторыя ўзнікнення нацыянальнага інструментарыя, творчыя партрэты кампазітараў ад барока да нашых дзён, гісторыя станаўлення беларускага музычнага тэатра, балета, жыццёвы і творчы шлях Л.П. Александроўскай, імя якой носіць наша школа.

Вучні маляўніча прадставілі свае працы ў выглядзе прэзентацый, ілюстраваных дакладаў, нават буклета! Прыемным бонусам прагучала музыка. Пры раскрыцці абраных тэм навучэнцам патрабавалася не толькі самастойна ажыццявіць пошук патрэбнай інфармацыі, але і веданне музычнага матэрыялу, мастацкі густ для афармлення тэксту і пачуццё літаратурнага стылю, а таксама якасная і цікавая падача. Усе матэрыялы ўвойдуць у электронную базу школы для непасрэднага выкарыстання ў навучальным працэсе.

На фестываль была запрошаная куратар школы па музычна-тэарэтычных дысцыплінах з МДМК імя М.І. Глінкі – старшыня цыклавой камісіі «Музыказнаўства» Святлана Пятроўна Рудэнка. Па заканчэнні канферэнцыі яна падзякавала ўсім яе ўдзельнікам, дала некаторыя практычныя парады па падрыхтоўцы матэрыялаў, а таксама правяла гутарку з патэнцыяльнымі абітурыентамі аб аддзяленнях каледжа і шырокім спектры спецыяльнасцяў, якія ён прапаноўвае.

Віншуем нашых працавітых і адказных вучняў і іх настаўнікаў з паспяховым удзелам у навукова-інфармацыйным мерапрыемстве! Зычым творчых поспехаў і плённай інтэлектуальнай працы!