Музычны спектакль «Снежная каралева»

25 студзеня 2022 года, у малой зале ДМШМ №1 імя Л.П. Александроўскай адбылася прэм’ера дзіцячага музычнага спектакля «Снежная каралева». Аўтар ідэі і рэжысёр-пастаноўшчык гэтага творчага праекта – настаўнік па класу цымбал ДМШМ №1, аўтар рознажанравай музыкі і аранжыроўшчык, магістр мастацтвазнаўства, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэат міжнародных конкурсаў – Віктар Міхайлавіч Лыскавец.

Адметнай асаблівасцю гэтага музычна-тэатралізаванага прадстаўлення з’явілася тое, што дзеці загадзя склалі і выканалі свае ўласныя музычныя творы, а таксама паспрабавалі сябе ў розных сцэнічных вобразах. У спектаклі прынялі ўдзел навучэнцы розных аддзелаў школы (класы выкладчыкаў В.М. Лыскаўца, Я.І. Гальцова, В.Я. Гарбацікавай, А.С. Ганьковай, Н.У. Шах, Т.А. Галузы, В.Ф. Калядкі) і МДМК імя М.І. Глінкі (клас выкладчыка І.І. Кавальчук).

Дзеці гралі на розных музычных інструментах, спявалі, танцавалі, пераўвасабляліся ў розных казачных герояў у маляўнічых касцюмах. Дапамаглі ўвасобіць казку на сцэне нашы таленавітыя канцэртмайстры – лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў – Алена Уладзіміраўна Кальянава, Яўген Ігаравіч Гальцоў, Марыя Алегаўна Гібчык.

Сярод гледачоў на прэм’еры прысутнічала адміністрацыя школы і знакамітыя госці, у тым ліку дацэнт кафедры кампазіцыі і аранжыроўкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дацэнт кафедры «Мастацтва эстрады» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, кампазітар і аранжыроўшчык – Сяргей Іванавіч Янковіч, а таксама дацэнт кафедры струнных народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, віцэ-старшыня Асацыяцыі беларускіх цымбалістаў, шматразовы лаўрэат Арціяды народаў Расіі, уладальнік ганаровага медаля В. Гарадоўскай за дасягненні ў галіне культуры, навукі і адукацыі – Рыма Уладзіміраўна Падойніцына.

За ўдзел у спектаклі і за праяву творчага пачатку ў складанні музычных твораў вучням і канцэртмайстрам былі ўручаны памятныя дыпломы і граматы.

Зычым нашым вучням цікавых выступленняў і творчых дасягненняў, а Віктару Міхайлавічу Лыскаўцу – новых музычна-сцэнічных праектаў!