11 студзеня 2022 года ў вялікай зале Палаца Рэспублікі прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне».
Прэмія «За духоўнае адраджэнне» заснавана ў 1997 годзе і штогод прысуджаецца за выдатныя творы літаратуры і мастацтва і (або) актыўную дзейнасць у гуманітарнай вобласці, якая спрыяе зберажэнню і прымнажэнню нацыянальнага культурнага здабытку, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, сцвярджэнню духоўных каштоўнасцей і мастацка-маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці.
Па выніках 2021 года прысуджаны пяць прэмій «За духоўнае адраджэнне». Імі былі адзначаны прадстаўнікі грамадскіх, рэлігійных, дабрачынных арганізацый, творчыя калектывы.
Урачыстая частка працягнулася канцэртам. Гледачам былі прадстаўлены тэатральныя пастаноўкі, а таксама канцэртныя музычныя нумары. На сцэне змянялі адзін аднаго розныя творчыя калектывы. Значнае месца ў гэтым канцэрце заняла класічная музыка. Акадэмічныя музычныя нумары былі прадэманстраваны з усёй маляўнічасцю, тэатральнасцю і асаблівым душэўным уздымам.
У музычным вечары сваё майстэрства паказала шмат таленавітых дзяцей. Для ўдзелу ў канцэрце былі запрошаныя і прадстаўнікі ДМШМ № 1 імя Л.П. Александроўскай – Узорны хор «Тоніка» (кіраўнік С. Белая), а таксама камерны ансамбль (кіраўнік Н. Цэхановіч).