Урачысты педсавет да 95-годдзя школы

15 снежня 2021 года адбыўся ўрачысты педагагічны савет, прысвечаны 95-годдзю з дня заснавання Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 імя Ларысы Пампееўны Александроўскай. На ім прысутнічалі ганаровыя госці: начальнік Упраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Віталь Пятровіч Брэль, намеснік начальніка аддзела ўстаноў культуры Ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Святлана Аляксандраўна Баранок, намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска Сяргей Сяргеевіч Капранаў, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Сяргей Рыгоравіч Крысенка.

Калектыву школы і гасцям былі паказаны дакументальны фільм пра гісторыю ўзнікнення і станаўлення ДМШМ №1, прэзентацыі аб стыпендыятах і іх настаўніках, аб аддзяленнях і творчых калектывах школы.

Дырэктар Ала Іосіфаўна Майсцер прадставіла буклет аб школе, а таксама ўпершыню распрацаваны лагатып ДМШМ №1. На ім намаляваны будынак, што атаясамліваецца з раскрытай кнігай, кнігай ведаў. Ён напоўнены і іншымі сімваламі, сярод якіх клавіятура фартэпіяна, струны ліры, нотны стан. Усе яны абазначаюць аддзялення школы.

З віншавальнай прамовай выступіў начальнік Упраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Віталь Пятровіч Брэль: «Хочацца падзякаваць усім вам за працу, прафесіяналізм і адданасць сваёй справе. У вас па-сапраўднаму цікавая прафесія, якая заўсёды прыносіць свята, радасць і задавальненне не толькі вам, але і тым, з кім, і для каго вы працуеце. Ўдзячных вам вучняў, гледачоў, заўсёды толькі добрага настрою, і, вядома ж, моцнага здароўя!» Адміністрацыя і педагагічны калектыў ДМШМ №1 былі ўдастоены Падзякі Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама «За дасягнутыя высокія вынікі ў працы, творчы падыход да навучання і выхавання падрастаючага пакалення, прафесійнае майстэрства».

З цёплымі словамі падзякі і віншаваннямі выступілі Сяргей Васільевіч Перапеча, а таксама старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Таццяна Аляксееўна Камай.

На ўрачыстым мерапрыемстве прагучалі і музычныя віншаванні – кампазіцыя Kenny G «Going Home» у выкананні Лаўрэата рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, настаўніка школы, маладога спецыяліста Анастасіі Несцярэўскай, а таксама песня «Васільковае неба» (музыка Я. Алейніка, словы А. Вавілава) у выкананні Лаўрэата рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Ірыны Мышкоўскай.