Узорны дзіцячы хор «ТОНІКА» прыняў удзел у юбілейным канцэрце да 95-годдзя кампазітара Аляксандра Зацэпіна. Разам з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча (дырыжор – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крамко) хор выканаў два творы кампазітара.
***
Кажуць, калі легендарны кампазітар Эніа Марыконэ пачуў адну з выдатных п’ес кампазітара Аляксандра Зацэпіна, ён сказаў: «Яго музыка лепш, але мая даражэй!» На шчасце, каштоўнасць музыкі вымяраецца не грашовымі знакамі, а колькасцю закаханых у яе слухачоў. І ў гэтым сэнсе Аляксандр Зацэпін ад Эніа Марыконэ не адстае, а, можа быць, нават апярэджвае яго.
Імя Аляксандра Зацэпіна цесна звязана з кіно. Ён напісаў музыку да амаль сотні кінафільмаў, дакументальных стужак, тэлефільмаў і мультфільмаў. Часам яго музыка грала ключавую, галоўную ролю ў кінакарціне. Некаторыя фільмы сёння мала хто ведае і памятае, а вось песні да гэтага часу любімыя мільёнамі слухачоў.
Сёння, у свае 95, Аляксандр Сяргеевіч поўны энергіі і творчых планаў. Яго жыццё – гэта музыка, за якую мы кажам яму вялікі дзякуй!