Канцэрт «Вясновыя гукі музыкі»

21 красавіка 2021 года ў канцэртнай зале «Верхні горад» прайшоў справаздачны канцэрт ДМШМ № 1 імя Л.П. Александроўскай «Вясновыя гукі музыкі».

Штогод школа запрашае сваіх сяброў, каб разам парадавацца назапашаным дасягненням, атрымаць асалоду ад той цудоўнай творчай атмасферы, якая пануе на нашых канцэртах.

Праграма музычнага вечара была шырокай, складанай і разнастайнай. У двух аддзяленнях канцэрта прагучала шмат выдатных мелодый, якія адказваюць самым патрабавальным густам публікі. Тут і барочная строгасць, і стройная класічная музыка, і рамантычны парыў, і нацыянальная арнаментыка, і эстрадныя матывы і рытмы. Інструментальныя нумары чаргаваліся з вакальнымі, сольныя – з ансамблевымі і аркестравымі. Прагучала шмат твораў для фартэпіяна, духавых, струнна-смычковых і народных інструментаў. Сярод выканаўцаў – лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, узорныя калектывы. Сваё выканальніцкае майстэрства паказалі ўладальніца Гран-Пры VI Адкрытага фестывалю-конкурсу фартэпіяннай музыкі «Інтэрмецца» Ганна Томіна (настаўнік Ірына Бяганская), уладальнікі заахвочвальных прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі Аляксей Яршоў (настаўнік Святлана Разько) і Анастасія Шымчак (настаўнік Алена Логінава).

Адкрыў канцэрт ансамбль скрыпачоў малодшых класаў (кіраўнік Ірына Мухамяддзярава, канцэртмайстар Марыя Яковіна) пяшчотным выкананнем Ave Maria Дж. Качыні. Лаўрэаты VI Мінскага гарадскога конкурсу камерных ансамбляў «Струны Арфея» – трыа ў складзе Ульяны Кудзінай, Вікторыі Дзегцярэнка і Ганны Томінай (настаўнікі Вікторыя Карпава, Надзея Цэхановіч, Ірына Бяганская) прадставілі публіцы «Песню без слоў» беларускага кампазітара XIX стагоддзя М. Ельскага.

Яркім акцэнтам у завяршэнні першага аддзялення канцэрта стала выступленне ўзорнага аркестра народных інструментаў (кіраўнік Валерый Шымчак), які разам з хорам малодшых класаў (кіраўнік Марына Данчак) выканаў песню «Крынічанька» (музыка В. Шмата, сл. А. Алпеева).

Другое аддзяленне адкрыў «Хор паляўнічых» з оперы «Чароўны стралок» К.М. Вебера ў апрацоўцы Б. Траяноўскага, рэдакцыі Т. Лапцёнак. Выканаўцы – узорны ансамбль балалаек «Залатая горка» (кіраўнік Юрый Жайловіч, канцэртмайстар Ірына Пшанічная). Добра знаёмыя запальныя мелодыі «Беларускіх танцаў» І. Жыновіча паднёс публіцы дуэт лаўрэатаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Ульяна Негадовіч і Анатоль Лыскавец (настаўнік Віктар Лыскавец, канцэртмайстар Яўген Гальцоў). Натхнёна і лірычна прагучалі песні на роднай беларускай мове «Чыстая, як сляза» (музыка і словы В. Шмата), «Сонца каласы» (музыка і словы П. Ялфімава) у выкананні вучняў эстраднага аддзялення Лізаветы Бяганскай і Елісея Касіча (настаўнік Ірына Мышкоўская, канцэртмайстар Эльдар Шырынаў). Другая частка канцэрта была насычана іспанскімі, італьянскімі, кубінскімі, беларускімі мелодыямі, выкананымі інструментальнымі ансамблямі, якімі славіцца наша школа, сярод іх – ансамбль «Акцэнт» (кіраўнік Вольга Калядка), узорны ансамбль ударных інструментаў «Рым шот» (кіраўнік Аляксандра Ганькова, канцэртмайстар Эльдар Шырынаў), ансамбль гітарыстаў (кіраўнікі Валерый Громаў, Яраслаў Макарыч). А напрыканцы канцэрта прагучаў ансамбль саксафаністаў (кіраўнік Павел Казак) з рытмічнай і запальнай мелодыяй «Banana Boat Song» Р. Кернена. Вядучая канцэрта – Людміла Сямёнава – на ўсім працягу вечара дапамагала слухачам акунуцца ў самы цэнтр творчых падзей і ярчэй адчуць музычныя вобразы.

Застаецца падзякаваць ўсім удзельнікам гэтага канцэрту і пажадаць і надалей радаваць публіку сваімі цікавымі і яркімі выступамі!