20 красавіка 2021 года, на сцэне Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага адбылася творчая сустрэча і паказ новай канцэртнай праграмы з дзіцячай музыкі для інструмента цымбалы – «Сімфонія кветак». Аўтарам музыкі і рэжысёрам-пастаноўшчыкам канцэрту з’яўляецца настаўнік Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 г. Мінска імя Л.П. Александроўскай – Віктар Міхайлавіч Лыскавец. Разам са сваімі вучнямі, таленавітым піяністам Яўгенам Гальцовым, вядомай беларускай паэткай Таццянай Шчытавай было паказана сапраўднае тэатралізаванае дзейства.
Па рэжысёрскай задумцы Віктара Міхайлавіча, дзеці не проста выконвалі на цымбалах музычныя творы, але і пераўвасабляліся ў вобразы розных кветак. Змест жа музыкі раскрываў праз вобраз кветкі пэўныя настроі і характары саміх людзей. Сярод іх – велічнасць, сціпласць, задуменнасць, прастадушнасць, закаханасць, падступства і злосць, грацыёзнасць, летуценнасць, напышлівасць. У драматургічным стаўленні гэта было вельмі незвычайным рэжысёрскім рашэннем. Кожнаму нумару праграмы папярэднічалі спецыяльна складзеныя паэтычныя гісторыі-прэамбулы аб кветках, якія распавядала паэт Таццяна Шчытава. Паэтычны тэкст быў складзены ў адпаведнасці з задуманым кампазітарам зместам музычных твораў. Музыка і вершы выконваліся без перапынку, нон-стоп, як адна вялікая музычна-паэтычная кампазіцыя. Разам з тым, некаторыя з музычных твораў суправаджаліся спецыяльна падабранымі Віктарам Міхайлавічам фанаграмамі з гукамі прыроды. Дзякуючы гэтай творчай задумцы, гледачы, слухаючы музыку, змаглі ў сваім уяўленні пабываць ва ўмовах розных прыродных ландшафтаў – на беразе ракі, у лесе, ля ручая, у пячоры, пачуць шум дажджу, кропель вады. У інструментальных партыях цымбалаў і раяля часам выкарыстоўваліся цікавыя авангардныя выканальніцкія прыёмы.
Напрыканцы канцэрта нашы юныя музыканты выканалі віртуозныя апрацоўкі для цымбалаў і завяршылі праграму вядомай сюітай на беларускія народныя мелодыі Іосіфа Жыновіча «Беларускія танцы». Гледачам вельмі спадабалася прадстаўленая канцэртная праграма, за якую яны горача дзякавалі яе аўтару і выканаўцам. Ад асобы адміністрацыі каледжа Віктару Міхайлавічу, Яўгену Гальцову, Таццяне Шчытавай і навучэнцам нашай школы былі ўручаны памятныя падарункі і сувеніры.
All-focus All-focus All-focus
All-focus All-focus
All-focus All-focus
All-focus All-focus
All-focus
Зычым новых поспехаў і цікавых канцэртных выступленняў нашым юным вучням-цымбалістам, а Віктару Міхайлавічу – як кампазітару і педагогу – натхнення, новых творчых ідэй і музычных твораў, новых праектаў і канцэртных праграм!