23 лютага 2021 г. у ДМШМ № 1 адбыўся канцэрт Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Музычная капэла «Санорус» Мінскай вобласці». У выкананні хору капэлы прагучала яркая праграма з праекта «З класікай у будучыню» (галоўны хормайстар – Вольга Пятрова).
Вядучая Кацярына Сянкевіч прапанавала адправіцца ў музычнае падарожжа па краінах, стылях і творчасці самых вядомых выканаўцаў ХХ стагоддзя.
Для нашых навучэнцаў і гасцей былі выкананы хіты, якія ўжо прызнаныя класікай поп-музыкі, джаза, рока, рок-н-ролу і інш. Гэта групы Queen, Beatles, ABBA, Louis Armstrong, George Gershwin. Усе творы выконваліся а’capella (без суправаджэння).
Адкрыўся канцэрт харавой мініяцюрай класіка амерыканскага джаза, аўтара джазавай оперы «Поргі і Бес» Джорджа Гершвіна «Love walked in». Таксама слухачам былі прадстаўлены джазавыя стандарты Луі Армстронга «What a Wonderful World» і Элы Фіцжэральд «Lullaby of Birdland».
Рок-н-рольная частка праграмы была прысвечана творчасці «Ліверпульскай чацвёркі». У выкананні саліста Аляксандра Ляпунова прагучала знакамітая «Yesterday». У арыгінальнай апрацоўцы была прадстаўлена слухачам энергічная «Ob-la-di, ob-la-da» (што ў перакладзе з нігерыйскай мовы ёруба азначае «жыццё працягваецца») і пяшчотная «Michelle» Beatles. Пацыфісцкім гімнам ХХ стагоддзя стала песня Джона Ленана «Imagine» (салістка Алена Барабіцкая).
Класіку рока дапамагала акампанаваць зала: слухачы дружна адстуквалі рытм песні Queen «We Will Rock You».
Напрыканцы канцэрта хор і салісты выканалі бліскучае папуры з песень шведскага гурта ABBA (салісты Аляксандр Ляпуноў, Алена Барабіцкая, Вольга Ларына, Наталля Ісялёнак).
Дзякуем музычнай капэле «Санорус» за выдатнае выступленне і з нецярпеннем чакаем наступных праграм!