Справаздачны канцэрт у «Верхнім горадзе»

21 сакавіка 2020 г. ў канцэртнай зале «Верхні горад» адбыўся справаздачны канцэрт інструментальнай музыкі Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1.У ім прынялі ўдзел вучні і настаўнікі народнага, струннага народнага і духавога аддзелаў. У праграму канцэрта былi уключаны творы класічных кампазітараў і таксама сучасная музыка. Навучэнцы нашай щколы паказалі высокі прафесійны ўзровень iгры на розных духавых і народных інструментах як сольна, так і ў ансамблі. Сола на флейце, трубе, саксафоне, трамбоне, домры, акардэоне не пакінула публіку раўнадушнай. Гледачы паслухалi выдатныя віртуозныя дуэты ў выкананні цымбалістаў малодшых і старэйшых класаў  (настаўнікі В.М. Лыскавец і В.І. Скобеюс). І сапраўдная канцэртная праграма прагучала ў нашых старшакласнікаў-лаўрэатаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Вучань 6 класа Аляксей Смірноў выканаў Тэму з варыяцыямі для фагота Б. Дварыёнаса (настаўнік У.Р. Карканiца). У выкананні Цімафея Чараднiчэнкі прагучала апрацоўка 2х рускіх народных песень Б. Траяноўскага (настаўнік Ю.Л. Жайловiч). Фёдар Мацэральнiк выканаў Арыю і гавот з санаты для кларнета Л. Абеліёвіча і Тэму Віктара Наворскі з к/ф «Тэрмінал» Джона Ўільямса (настаўнік Г.І. Забара)

 У канцэртнай праграме прынялі ўдзел і настаўнікі духавога аддзела. Педагагічны джаз-бэнд у складзе Эрнэста Каліноўскага (флейта), Ларыяна Каліноўскага і Руслана Андрэева (саксафон), Алега Нiканорава і Яўгена Місевіча (труба), Альбіна Садоўскага (трамбон), Глеба Турко (сузафон) і Аляксандры Ганьковай (ударныя) выклікаў у гледача шквал апладысментаў і авацый. Выдатная iгра сапраўдных прафесiяналаў з’явiлася ўзорам i яркiм прыкладам для юных выканаўцаў і слухачоў. У выкананні ансамбля прагучалі творы сучасных аўтараў Дайяна Уоррена і Хейнца Боча.

 Завяршаў канцэрт ўзорны духавы аркестр «Ліра», у якім прымаюць удзел вучні школы духавога аддзела. Пад кіраўніцтвам Ларыяна Каліноўскага ў выкананні аркестра прагучалі творы Моцарта, Кюсса, а таксама аранжыроўка беларускіх народных тэм фантазія «Белая Русь».

Канцэрт стаў яркай, запамінальнай падзеяй у жыцці нашай школы. Зычым вучням і іх настаўнікам новых творчых перамог, бліскучых выступаў і невычэрпнага натхнення!