Віншуем Анатоля Лыскаўца – Лаўрэата Міжнароднага дзіцячага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах і вакалістаў «Мяцеліца» (Санкт-Пецярбург)!

Ужо ў 14-ы раз у горадзе Санкт-Пецярбург з 28 да 30 сакавіка 2019 г. стартаваў Міжнародны імя М.М. Калініна Дзіцячы Конкурс выканаўцаў на народных інструментах і вакалістаў «Мяцеліца».

Міжнародны конкурс быў заснаваны Міністэрствам культуры Расійскай Федэрацыі, урадам і камітэтам па культуры Ленінградскай вобласці, а таксама Дзяржаўным аркестрам рускіх народных інструментаў «Мяцеліца». Важнай падзеяй стала і тое, што ў гэтым годзе конкурс праходзіў у рамках святкавання 30-годдзя творчай дзейнасці Дзяржаўнага аркестра рускіх народных інструментаў.

28 сакавіка ў Дзяржаўнай Акадэмічнай Капэле адбыўся ўрачысты канцэрт-адкрыццё конкурсу, у якім прымалі ўдзел вялікія майстры і знакамітыя выканаўцы ў суправаджэнні дзяржаўнага аркестра. Сярод іх: народны артыст Расійскай Федэрацыі, прафесар Расійскай Акадэміі музыкі імя Гнесіных Аляксандр Цыганкоў; народны артыст Расіі, прафесар і галоўны дырыжор Дзяржаўнага канцэртнага рускага народнага аркестра «Віртуёзы Кубані» Анатоль Вінакур; народная артыстка, салістка Дзяржаўнага аркестра народных  інструментаў Рэспублікі Татарстан Вольга Вайсбеккер і многія іншыя музыкі.

Геаграфію канкурсантаў склалі дзеці з разнастайных куткоў Расіі, краін блізкага замежжа (Беларусь, Латвія, Украіна), а таксама дэлегацыі музыкантаў з Японіі і Кітая. Агульная колькасць удзельнікаў налічвала каля 250 чалавек, якія сабраліся, каб праявіць сябе ў сур’ёзным творчым спаборніцтве, паказаць сваё майстэрства, а таксама атрымаць бясцэнны вопыт у зносінах з майстрамі выканальніцкай школы.

Паспрабаваць свае сілы і паказаць сваё выканальніцкае ўменне прыехаў і вучань 4-га класа нашай школы Анатоль Лыскавец (настаўнік – Віктар Міхайлавіч Лыскавец; канцэртмайстар – Яўген Ігаравіч Гальцоў), які быў удастоены ў намінацыі «Гуслі і цымбалы» звання Лаўрэата I ступені!

Да конкурсу была падрыхтавана цікавая творчая праграма, якая склалася з аўтарскай апрацоўкі Віктара Лыскаўца «Руская плясавая», твора кампазітара класіка 16 стагоддзя Арланда Гіббанса «Сарабанда» ў аўтарскім перакладанні для цымбалаў і фартэпіяна Яўгена Гальцова і манументальнае сачыненне для цымбалаў, фартэпіяна і чытальніка «Рэха даўніны» (3-я частка музычна-літаратурнай паэмы «Беларусь святая»), якое Віктар Лыскавец напісаў спецыяльна для гэтага конкурсу.

Пасля ўсіх конкурсных выступленняў, кампазітар і аранжыроўшчык, адзін з лепшых выканаўцаў на гуслях ў Расіі Канстанцін Адольфавіч Шаханаў і заслужаны артыст РФ, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага аркестра рускіх народных інструментаў «Мяцеліца» Ігар Міхайлавіч Тонін, выказалі пажаданне ўключыць Анатоля і Яўгена Гальцова ў гала-канцэрт на закрыцці конкурсу менавіта з гэтым творам і папрасілі на памяць ноты. Народны артыст Расіі Аляксандр Андрэевіч Цыганкоў вельмі цёпла выказваўся пра беларускія цымбалы і сам пажадаў скласці твор спецыяльна для ніх.

Нашы ўдзельнікі зрабілі для ўсіх эксклюзіўны творчы падарунак. Яны выканалі на гала-канцэрце аўтарскую эстрадную п’есу Віктара Лыскаўца «Полька ўтрох». Адметнай асаблівасцю нумара стала тое, што Анатоль (сын) і Віктар Міхайлавіч (бацька) віртуёзна гралі адначасова на адным інструменце, седзячы адзін насупраць аднаго. А ў цэнтры па ракурсе паміж імі на раялі граў Яўген Ігаравіч. Гэта было ўзрушаюча творчае трыа. Публіка вельмі цёпла прыняла гэты твор і сустрэла яго бурнымі апладысментамі. Пасля выступу Анатолю быў уручаны Дыплом Лаўрэата, залатая медаль з эмблемай конкурсу і памятныя падарункі.

Зычым нашым ўдзельнікам – вучню Анатолю Лыскаўцу, настаўніку Віктару Міхайлавічу Лыскаўцу і канцэртмайстру Яўгену Ігаравічу Гальцову – новых творчых перамог, дасягненняў і цікавых канцэртных нумароў!