У Год міру і стварэння ў горадзе-героі Мінску 27 мая ў чацвёрты раз прайшло харавое свята «Спявай, мая сталіца!».
Ініцыятарам і арганізатарам маштабнай культурнай падзеі выступіў Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І. Глінкі пры падтрымцы ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама, Беларускага саюза кампазітараў, а таксама Цэнтральнай раённай арганізацыі г. Мінска Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь».
У Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі (пр. Незалежнасці, 50) адбыўся канцэрт, у якім прынялі ўдзел лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, дзіцячыя і юнацкія харавыя калектывы дзіцячых школ мастацтваў г. Мінска:
«Тоніка» ДМШМ № 1 імя Л.П. Александроўскай,
«Вясёлка» ДМШМ № 2 імя М.І. Аладава,
«Кантылена» ДМШМ № 5,
«Вераніца» ДМШМ № 7,
«Званочкі», «Cantus», «Чабарок» ДМШМ № 9,
«Дэцыма» і «Музычныя пацеркi» ДМШМ № 10 імя Я.А. Глебава,
«Санейка» ДМШМ № 11 імя У.У. Алоўнікава,
Belcanto ДМШМ № 19,
а таксама Канцэртны хор і Жаночы хор «Мелодыка» Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі. Спецыяльны госць харавога свята – Канцэртны хор харавой студыі «Сугучча» горада Масквы (кіраўнік – Алена Бяссонава).
У праграме канцэрта – песні беларускіх кампазітараў-класікаў і сучасных аўтараў, якія апяваюць любоў да Радзімы, прыгажосць роднага краю, мір і стварэнне. У завяршэнні канцэртнай праграмы ў выкананні зводнага дзіцячага хору горада Мінска (галоўны хормайстар – Аляксей Снітко), які ўключае каля чатырохсот юных музыкантаў, прагучалі творы Аляксандры Пахмутавай, Валерыя П’янкова, Ігара Лучанка, Эдуарда Зарыцкага, Алены Атрашкевіч, Алега Хадоска інструментальнага ансамбля Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.І. Глінкі.





