Штогадовы міжнародны конкурс-фестываль класічнай музыкі і вакалу Musica del Mar, арганізаваны міжнародным фестывальным камітэтам Fiestalonia Milenio пры падтрымцы міністэрства культуры Іспаніі і мэрыі горада Тосса дэ Мар, пад патранатам UNESCO, прайшоў 24-25 чэрвеня 2019 г. у іспанскім горадзе Ллорэт дэ Мар.
Конкурс ацэньвала журы міжнароднага ўзроўню:
Давід Джапарыдзэ – прэзідэнт і заснавальнік іспанскага фестывальна-конкурснага камітэту Fiestalonia Milenio, прадстаўнік танцавальнага савету SID UNESCO ў Іспаніі, дырэктар прадзюсарскага цэнтру Fiestalonia International у Лондане;
Джозэп Сота – музыкант і кампазітар, пратаганіст музычнага ансамбля «Quintet» Намінант Grammy i Naras Grammy за лепшую работу ў намінацыі «Latino Flamenco», дырэктар і заснавальнік музычнай школы ў г. Ллорэт дэ Мар «Sis Cordes»;
Ірына Броннікава – прафесар мастацтвазнаўства, прафесар музыкі і вакалу ў кансерваторыях Барселоны і Жыроны, выкладала сусветную мастацкую культуру ва ўніверсітэце Сарбона (Парыж, Францыя).
Вучні Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 г. Мінска імя Л.П. Александроўскай упершыню прыехалі на гэты конкурс, каб пазмагацца за ўзнагароды з маладымі музыкантамі з Іспаніі, Азербайджана, Расіі і Ізраіля.
На конкурсе Musica del Mar нашу школу і краіну годна прадставілі наступныя ўдзельнікі:
Ансамбль «АКОРД» (кіраўнік і канцэртмайстар Марыя Матох, настаўнік па класе гітары) у складзе Мурада Галадушка – саксафон, Кірыла Ціхамірава – гітара, Глеба Гуля – кахон, посах дажджу, шэйкер, акарыны, Марыі Матох – фартэпіяна. Ансамбль стаў Лаўрэатам II ступені ў намінацыі «Аркестравыя інструменты. Ансамблі» III ўзроставая катэгорыя (13-15 гадоў).
Таксама ў намінацыях сола асобна выступілі вучні:
Яўген Буцневіч – Лаўрэат II ступені ў намінацыі «Гітара» II ўзроставая катэгорыя (10-12 гадоў) (настаўнік Марыя Матох);
Кірыл Ціхаміраў – Лаўрэат II ступені ў намінацыі «Гітара» III ўзроставая катэгорыя (13-15 гадоў) (настаўнік Аляксей Атраднаў).
З перамогай віншуем Мурада Галадушка – Лаўрэата I ступені ў намінацыі «Аркестравыя інструменты. Саксафон» III ўзроставая катэгорыя (13-15 гадоў) (настаўнік Руслан Андрэеў).
Конкурсныя праслухоўванні прайшлі ў святочнай і сяброўскай атмасферы. Хлопцы годна паказалі вынікі працы, якая вялася з настаўнікамі ў класе на працягу навучальнага года. Напрыканцы конкурснага дня арганізатары і члены журы адабралі ўдзельнікаў для Гала-канцэрта, які прайшоў на наступны дзень у горадзе Тосса дэ Мар у старадаўнім замку-крэпасці XII стагоддзя Villa Vella.
Сярод іншых удзельнікаў у Гала-канцэрце выступілі і нашы вучні. Яўген Буцневіч адкрыў Гала-канцэрт п’есай «Танец млынара» з балета «Трохвуголка» Мануэля дэ Фалья. Кірыл Ціхаміраў выступіў з п’есай Райнера Фалька «Ноэмі». Мураду Галадушка далі магчымасць прадэманстраваць поўную конкурсную праграму: Jerome Naulais: Маленькая лацінская сюіта I, II, III часткі. Paul Desmond: Take five з імправізацыяй Мурада.
Зачыняць Гала-канцэрт даручылі ансамблю «АКОРД» з сюітай на музыку Ніна Рота з кінафільма «Рамэа і Джульета». А ў канцы ўсяго вечара гледачоў чакаў сюрпрыз. Арганізатары аб’ядналі для сумеснага выканання джазавай кампазіцыі «Hit the road, Jack!» удзельнікаў ансамбля «АКОРД» і ізраільскіх выканаўцаў з вакальнага ансамбля «Jazz plus». Выступленне атрымалася яркім, запальным і з бляскам завяршыла святочны вечар і Гала-канцэрт конкурсу-фестывалю Musica del Mar.
Таксама пасля конкурсу для ўсіх удзельнікаў быў праведзены майстар-клас ад члена журы Ірыны Броннікавай, прафесара музыкі і вакалу кансерваторыі Жыроны, дырыжора муніцыпальнага хору г. Ллорэт дэ Мар, былога выкладчыка Сарбоны. Гутарка атрымалася доўгай і пазнавальнай. Ірына Мікалаеўна надала ўвагу кожнаму ўдзельніку, паказала добрыя якасці і недахопы выканання, распавяла аб агульных пазіцыях па пытаннях прысуджэння лаўрэатства рознай ступені на міжнародных конкурсах, дала карысныя парады юным музыкам па далейшаму прафесійнаму развіццю.
Ансамбль «Акорд» і вакальны ансамбль «Jazz plus»
Яўген Буцневіч Мурад Галадушка і Давід Джапарыдзэ
Віншуем нашых вучняў і іх настаўнікаў з выдатнай перамогай і зычым далейшых творчых поспехаў!