«Кубак дружбы» з’яўляецца ўнікальным творчым праектам, які праводзіцца ўжо ў другі раз. У мінулым годзе ён адбыўся ў Магілёве і сабраў больш за 1100 удзельнікаў з трох краін. У 2019 годзе ён праходзіў у Мінску з 31 студзеня па 3 лютага і колькасць удзельнікаў была не меншай. Дадзены праект цікавы тым, што ўсім канкурсантам даецца магчымасць адчуць сябе сапраўднай тэлезоркай: чырвоная дывановая дарожка, СМІ і інтэрв’ю, тэлекамеры і здымкі ў рэжыме нон-стоп, сувеніры, дыпломы, падзякі і вельмі каштоўныя прызы!
Ацэньвала юныя таленты кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзілі аўтарытэтныя ўдзельнікі такіх праектаў як «Голас», «Я спяваю!», «Танцуюць усе!», «Еўрабачанне», «Таленты краіны», «Украіна мае талент», «Маладыя таленты Беларусі» (і многія іншыя).
На канцэртнай пляцоўцы сустрэліся таленавітыя і адораныя ўдзельнікі ад 3-х гадоў па розных напрамках: вакальная, харэаграфічная, тэатральная, інструментальная і дэкаратыўна-прыкладная творчасць.
Вучні нашай музычнай школы і іх настаўнікі сталі лаўрэатамі ў розных намінацыях, папоўніўшы сваю музычную скарбонку новымі ўзнагародамі.
У творчым праекце «Кубак дружбы» прынялі ўдзел выканаўцы-інструменталісты нашай школы. Праслухоўванне конкурсных выступаў у намінацыі Інструментальнае выканальніцтва праходзіла ў вялікай, утульнай Габеленавай зале. Канкурсанты паказвалі сваё майстэрства і высокі прафесійны ўзровень выканальніцтва на розных музычных інструментах (фартэпіяна, скрыпка, віяланчэль, цымбалы, баян, акардэон і інш). За дзень журы праслухала больш за 160-ці ўдзельнікаў. Прыняў удзел у гэтай конкурснай намінацыі і вучань чацвёртага класа нашай школы, юны цымбаліст Анатоль Лыскавец. Настаўнікам Анатоля з’яўляецца аўтар інструментальнай, вакальнай і харавой музыкі Віктар Міхайлавіч Лыскавец. Сумесна з канцэртмайстрам, таленавітым піяністам Яўгенам Ігаравічам Гальцовым, былі выкананы творы, якія складаюцца з аўтарскіх твораў і апрацовак Віктара Лыскаўца: «Растанне» (гэтая музыка напісана спецыяльна да кінафільма «Не пакідайце любімых ніколі», які цяпер здымаецца на студыі «Беларусьфільм»), а таксама «Руская плясавая» (аўтарская апрацоўка на тэму рускай народнай песні «Калинка-малинка»). Па рашэнні журы Анатоль стаў Лаўрэатам II ступені. Настаўніку Віктару Лыскаўцу і канцэртмайстру Яўгену Гальцову былі ўручаны спецыяльныя дыпломы-падзякі за асабісты ўклад у культурнае, маральнае і эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення, а таксама прыз – спецыяльная эмблема конкурсу і памятныя падарункі.
У намінацыі Эстрадны вакал ярка праявілі сябе вучні Ірыны Аляксандраўны Мышкоўскай і Яўгена Аляксандравіча Мышкоўскага.
Лізавета Бяганская – Лаўрэат II ступені
Сафія Уцюпіна, Лізавета Галанава – Лаўрэат III ступені
Ангеліна Пушкар – Дыпламант I ступені
Варта адзначыць, што Ірына Аляксандраўна стала Лаўрэатам I ступені, была намінаваная на Гран Пры, а таксама ёй была падораная песня ад шматспадзеўнага беларускага кампазітара Юліі Кірэевай. Яўген Аляксандравіч Мышкоўскі стаў Лаўрэатам II ступені.
Віншуем нашых вучняў і іх настаўнікаў з гэтымі выдатнымі вынікамі! Зычым новых творчых ідэй і яскравых дасягненняў!