[toc]
Аддзяленне духавых і ўдарных інструментаў
З усіх аддзяленняў Дзіцячай музычнай школы мастацтваў №1 аддзяленне духавых і ўдарных інструментаў мае найбольшую колькасць і разнастайнасць музычных інструментаў. Усе найбольш вядомыя і распаўсюджаныя духавыя і ўдарныя інструменты прадстаўленыя ў нашай школе. Інструменты падзяляюцца на некалькі падгрупаў:
- так званыя драўляныя духавыя інструменты:
- так званыя медныя духавыя інструменты:
- ударныя інструменты з пэўнай вышынёй гучання:
- ударныя інструменты з няпэўнай вышынёй гучання:
- і не забываймася на ўдарную ўстаноўку, у якой сабраліся разам талерка (1), падлогавы том-том (2), том-томы (3), бас-барабан (4), малы барабан (5) і хай-хэт (6)!
Адкрыццё аддзялення духавых і ўдарных інструментаў адбылося ў 1954 годзе. Першым загадчыкам аддзялення стаў К.Прыгуноў (кларнет). Далей у розныя перыяды аддзяленне ўзначальвалі: К.Цімусаў (кларнет), С.Розенман (труба), Я.Мазалеў (кларнет), М.Наймарк (труба), Б.Малярэнка (кларнет), А.Ляшчынскі (труба), У.Музюкін (туба). У цяперашні час аддзяленне духавых і ўдарных інструментаў узначальвае Э.Л.Каліноўскі (флейта). Вялікі ўнёсак у развіццё аддзялення зрабіў У.П.Гуртатоўскі, дырэктар школы ў перыяд 1978-2003 гг., з’яўляючыся пры гэтым настаўнікам па класе фагота.
У 1979-1982 гады актыўную канцэртную дзейнасць вёў фальклёрны ансамбль педагогаў школы, створаны на базе аддзела, яго кіраўнікі В.Р.Шчэрба і У.Я.Пузыня.
Настаўнікі аддзялення працуюць з вялікай творчай аддачай. Актыўна вядуць канцэртную, конкурсную і фестывальную дзейнасць Узорны духавы аркестр «Ліра» (кіраўнік Ларыян Ларыянавіч Каліноўскі) і Ўзорны ансамбль ударных інструментаў «Рым-шот» (кіраўнік Ганькова Аляксандра Сяргееўна).
Выпускнікі аддзялення станавіліся лаўрэатамі гарадскіх, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў і фестываляў юных выканаўцаў, сярод іх: Андрэй Халомкін (фагот, наст. У.П.Гуртатоўскі), стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі Мікіта Пятроў (саксафон, наст. Б.Малярэнка), Уладзімір Урбановіч і Іван Паддубны (ударныя інструменты, наст. В.У.Дарыенка), Іван Панядзелка (труба, наст. Д.А.Бянько) і іншыя. Многія былыя выпускнікі аддзялення сёння працуюць у розных прафесійных калектывах Рэспублікі Беларусь і за яе межамі.
Загадчык аддзялення духавых і ўдарных інструментаў
Драўляныя духавыя інструменты:
ФЛЕЙТА
Фле́йта — драўляны духавы музычны інструмент сапранавага рэгістра. Флейтай звычайна называюць найбольш распаўсюджаную ў прафесійнай музыцы разнавіднасць флейтаў — папярочную флейту. Флейта з’яўляецца адным з самых старажытных музычных інструментаў. Прабацькам флейты можна назваць звычайны свісток, які з’явіўся яшчэ ў старажытных народаў, і ў тыя часы быў хутчэй не музычным інструментам, а цацкай альбо прыстасаваннем для выканання рэлігійных магічных абрадаў. Вышыня гуку на папярочнай флейце мяняецца шляхам перадзімання паветра адначасова з адкрыццём і закрыццём клапанамі спецыяльных адтулін на паверхні інструмента. Найменне «папярочная» звязанае з тым, што падчас ігры музыкант утрымлівае інструмент не вертыкальна, а гарызантальна, такім чынам мундштук знаходзіцца пры гэтым збоку.
Папярочная флейта характарызуецца вельмі жывым гукам, ніжні рэгістр мяккі і глухаваты, найбольш высокія гукі, наадварот, пранізлівыя і свісцячыя, а сярэдні і часткова верхні рэгістры маюць тэмбр, які апісваецца як пяшчотны і пявучы.
НАСТАЎНІКІ:
ГАБОЙ
Габо́й — язычковы драўляны духавы музычны інструмент сапранавага рэгістра, які ўяўляе сабой трубку канічнай формы з сістэмай клапанаў і двайной трысцінкай (язычком). Сучасны від габой набыў у першай палове XVIII стагоддзя. Інструмент мае пявучы, аднак трохі гугнявы, а ў верхнім рэгістры — рэзкі тэмбр.
Інструменты, якія лічацца прамымі папярэднікамі сучаснага габоя, вядомыя з антычнасці і захаваліся ў першародным выглядзе ў розных культурах. Народныя інструменты, такія як бамбарда, дуда, жалейка, дудук, гайта, хітырыкі, зурна разам з інструментамі Новага часу (мюзета, уласна габой, габой д’амур, англійскі ражок, барытонавы габой, барочны габой) складаюць шырокае сямейства гэтага інструмента.
Габой выкарыстоўваецца ў якасці сольнага інструмента, у камернай музыцы і сімфанічным аркестры. Аснову рэпертуару для габоя складаюць творы эпохі барока (творы Баха і яго сучаснікаў) і класіцызму (Моцарт). Радзей выконваюцца творы кампазітараў-рамантыкаў (напрыклад, Шумана) і сучасных кампазітараў.
НАСТАЎНІК:
КЛАРНЕТ
Кларне́т — язычковы драўляны духавы музычны інструмент з адзінарнай трысцінкай. Быў вынайдзены каля 1700 года ў Нюрнбергу, у музыцы актыўна выкарыстоўваецца з другой паловы XVIII стагоддзя. Ужываецца ў самых разнастайных музычных жанрах і складах: у якасці сольнага інструмента, у камерных ансамблях, сімфанічным і духавым аркестрах, народнай музыцы, на эстрадзе і ў джазе. Кларнет валодае шырокім дыяпазонам, цёплым, мяккім тэмбрам і дае выканаўцу шырокія выразныя магчымасці.
НАСТАЎНІКІ:
САКСАФОН
Саксафо́н — трысцінкавы духавы музычны інструмент, паводле прынцыпу гуказдабывання належыць да сямейства язычковых драўляных духавых інструментаў. Саксафон упершыню сканструяваў бельгійскі майстар Адольф Сакс у 1842 годзе і праз чатыры гады запатэнтаваў яго. З сярэдзіны XIX стагоддзя саксафон выкарыстоўваецца ў духавым аркестры, радзей — у сімфанічным, а таксама ў якасці сольнага інструмента ў суправаджэнні аркестра або ансамбля. Саксафон вядомы як адзін з асноўных інструментаў джаза і блізкіх яму жанраў, а таксама эстраднай музыкі. Саксафон мае моцнае і поўнае гучанне, пявучы тэмбр і вялікую тэхнічную рухавасць.
НАСТАЎНІКІ:
ФАГОТ
Фаго́т — язычковы драўляны духавы музычны інструмент басовага, тэнаровага і часткова альтовага рэгістра. Мае выгляд сагнутай доўгай трубкі з сістэмай клапанаў і двайной (як у габоя) трысцінкай, якая насаджваецца на металічную трубку ў форме літары S, якая злучае трысцінку з асноўным корпусам інструмента. Сваю назву атрымаў за тое, што ў разабраным стане нагадвае вязанку дроў. Фагот сканструяваны ў XVI стагоддзі ў Італіі, у аркестры ўжываецца з канца XVII — пачатку XVIII стагоддзя, заняў у ім пастаяннае месца напрыканцы XVIII стагоддзя. Тэмбр фагота вельмі экспрэсіўны і на ўсім дыяпазоне багаты абертонамі. Найбольш ужываюцца ніжні і сярэдні рэгістр інструмента, верхнія ноты гучаць крыху гугнява і здушана. Фагот ўжываецца ў сімфанічным, радзей у духавым аркестры, а таксама як сольны і ансамблевы інструмент.
НАСТАЎНІК:
Медныя духавыя інструменты:
ВАЛТОРНА
Валто́рна — медны духавы мундштукавы музычны інструмент тэнаровага рэгістра. Паходзіць ад паляўнічага рога. Інструмент уяўляе сабой доўгую, вузкую, скручаную ў кола цыліндрычную трубку, якая каля раструба пераходзіць у канічную; мундштук глыбокі і вузкі, падобны на лейку. Тэмбр валторны мужны і паэтычны, на ёй добра гучаць як напеўныя мелодыі, так і хуткія пасажы. Валторна ўваходзіць у сімфанічны аркестр (ад 4 да 6-8 і больш інструментаў), ужываецца ў камерных ансамблях і для сольнага выканання.
НАСТАЎНІК:
ТРУБА
Труба́ — медны духавы музычны інструмент альтова-сапранавага рэгістра, самы высокі па гучанні сярод медных духавых. Труба вядомая са старажытных часоў. Выкарыстоўвалася ў якасці сігнальнага інструмента паляўнічымі, пастухамі, у ваеннай справе і інш. З XVII ст. трубу пачалі выкарыстоўваць у якасці аркестровага інструмента. Дзякуючы вынаходніцтву вентыльнага механізму ў XIX ст. Труба атрымала поўны храматычны гукарад і стала паўнавартасным інструментам класічнай музыкі. Інструмент мае яскравы, бліскучы тэмбр, выкарыстоўваецца як сольны інструмент, у сімфанічным і духавым аркестрах, а таксама ў джазе і іншых жанрах.
НАСТАЎНІК:
ТРАМБОН
Трамбо́н — медны духавы музычны інструмент басова-тэнаровага рэгістра. Трамбон вядомы з XV стагоддзя. Ад іншых медных духавых інструментаў адрозніваецца наяўнасцю кулісы — адмысловай перасоўнай U-вобразнай трубкі, з дапамогай якой музыкант змяняе аб’ём паветра ў інструменце, такім чынам, маючы магчымасць выконваць гукі храматычнага гукараду (на трубе, валторне і тубе гэтай мэце служыць сістэма вентыляў). Трамбон — дужа разнастайны па штрыхах і тэхнічна рухавы інструмент, характарызуецца яркім, бліскучым тэмбрам у сярэднім і верхнім рэгістрах, а ў ніжнім мае змрочны тэмбр. На трамбоне магчыма карыстацца сурдзінай , асаблівы эфект — глісанда — дасягаецца коўзаннем кулісы. У сучасным сімфанічным аркестры звычайна выкарыстоўваецца тры трамбоны — два тэнаровых і адзін басовы. Асноўныя сферы ўжывання трамбона — сімфанічны, духавы, джазавы (біг бэнд) аркестр, ансамблі розных складаў, а таксама ў сольным канцэртным выканальніцтве.
НАСТАЎНІК:
ТЭНАР-БАРЫТОН
Тэнар-барытон, эўфоніюм або тэнаровая туба — басовы музычны інструмент сямейства туб, самы папулярны яго прадстаўнік. Грае ролю вядучага тэнаровага голаса ў ваенных і духавых аркестрах. Слова «эўфоніюм» паходзіць з грэцкага «euphonia», што азначае «прыемнага гуку», аксамітны тэмбр робіць яго ўпадабаным інструментам для сольнага выканальніцтва.
НАСТАЎНІКІ:
ТУБА
Ту́ба — шырокамензурны медны духавы музычны інструмент, самы нізкі паводле рэгістра. Сучасная мадэль была сканструяваная ў другой чвэрці XIX стагоддзя Адольфам Саксам і складаецца з агромністай латуневай трубкі, якая, пачынаючыся з мундштука і выгінаючыся шматкроць, канчаецца вялізным раструбам. Туба мае суворы, масіўны тэмбр у ніжнім рэгістры, шчыльны і насычаны ў сярэднім дыяпазоне, а таксама мяккім і пявучым у верхнім. Выкарыстоўваецца пераважна ў сімфанічным і духавым аркестрах, дзе грае ролю басовага інструмента ў групе медных духавых. Усё часцей ужываецца ў джазавай, а таксама ў камернай музыцы. Другім басовым інструментам у групе медных духавых з’яўляецца сузафон, разнавіднасць тубы.
НАСТАЎНІК:
Ударныя інструменты
Уда́рныя музы́чныя інструме́нты — група музычных інструментаў, гук з якіх здабываецца ўдарам па целе інструмента або яго трасеннем ці калыханнем. Гэта самае шматлікае сямейства з усіх музычных інструментаў. Разнастайнасць відаў і формаў ударных музычных інструментаў сталася прычынай стварэння некалькіх варыянтаў класіфікацыі ўдарных інструментаў.
У залежнасці ад гукавышынных уласцівасцяў яны дзеляцца на:
- ударныя інструменты з пэўнай вышынёй гучання, якія могуць быць наладжаныя на пэўныя ноты гукарада — ксілафон, вібрафон, марымба, званочкі, том-томы, літаўры ды іншыя;
- ударныя інструменты з няпэўнай вышынёй гучання, якія не маюць магчымасці наладкі — бас-барабан, малы барабан, талеркі, трохкутнік, кастаньеты, маракасы, бубен, ґонґ і іншыя.
У залежнасці ад крыніцы гуку яны дзеляцца на:
- мембранафоны, у якіх крыніцай гуку з’яўляецца нацягнутая скура, мембрана — барабаны, літаўры, бубен, том-томы і іншыя;
- ідыяфоны, у якіх крыніцай гуку выступае ўсё цела інструмента — ксілафон, вібрафон, марымба, званочкі, талеркі, трохкутнік, драўляная каробачка ды іншыя.
Некаторыя кампазітары, такія як Эрык Саці, пісалі нават для такіх незвычайных «інструментаў», як гарматы ці друкарныя машынкі.
НАСТАЎНІКІ: